Гісторыі з маршрутаў - Варонічы - Блізніца, 07.04.25
Наведванне будынку сядзібы Лісоўскіх у Блізніцы. Даведаліся, як жыве будынак у нашыя дні, наведалі музей.
Змест гісторыі
Варонічы - Блізніца55.325857, 28.634135 — 55.319221, 28.599388
Вандроўкі па сядзібах Віцебшчыны.
Былыя сядзібы нагадваюць аб сабе па-рознаму. Некаторыя адноўлены. У іх знаходзяцца бібліятэкі, палацы культуры, мясцовыя улады. А некаторыя нагадваюць аб былой прыгажосці, аб працы замежных архітэктараў пустымі вачамі ваконных праёмаў з цудоўнай дэкаратыўнай акантоўкай, масіўнымі калонамі, страціўшымі нават свае прыгожыя капітэлі, якія ўжо не падтрымліваюць разбуранага даху. Але ж гэтыя сядзібы разбураюць міт быццам бы наш край - гэта пустэча з балотамі і лясамі. Па-еўрапейску адукаваныя мецэнаты не шкадавалі ні сіл, ні часу каб у іх маёнтках будаваліся велічныя храмы, афармляліся непаўторныя палацава-паркавыя ансамблі, гучала музыка, працавалі тэатры.
Мы наведалі сядзібу Лісоўскіх.
Частка Варонічаў, якая мела назву Двор Варонічы, зараз завецца аграгарадок Блізніца, дзе мы пабачылі сядзібу роду Лісоўскіх. Яны валодалі гэтай зямлёй з 1811 па 1906 год. Прыгожая 1-павярховая сядзіба, у цэнтральнай частцы - двухпавярховая, завершаная франтонам са слухавым акном.
Ганак аформлены порцікам з фігурнымі калонамі, якія падтрымліваюць балкон з каванай агароджай. Злева прыбудавана двухпавярховае крыло. У сядзібе былі пакоі са старасвецкай мэбляй, салон, дзе прымалі гасцей (зараз актавы зал). Багатая бібліятэка. Калекцыя карцін і збор посуду.
Да сядзібы вяла алея. Да нашых дзён захаваўся "лячэбны вяз". Калі у пана балела галава, ён прыціскаўся галавой да вязу і боль мінаў. У наваколлі былі два так званыя "камяні Вітаўта". У савецкі час камяні былі знішчаны. Пасля 1917 года ў маёнтку была камуна. У час Вялікай Айчыннай вайны ў сядзібе быў шпіталь. Пасля вайны - інтэрнат для інвалідаў, які працаваў да 1980-х г.г.
Далей будынак пуставаў пакуль старшыня калгаса ім. Сільніцкага Яўген Іванавіч Кімстач не паспрыяў аднаўленню дома. Зараз у будынку сельскі дом культуры, бібліятэка, музычная школа, музей і школа мастацтваў.