Гісторыі з маршрутаў - Адамова - Грамошча - Дзёрнавічы - воз. Святое, чэмпіянат па фотабёрдынгу
Пракаціліся на роварах з мэтай пафатаграфаваць птушак
Змест гісторыі
Вясковая раніца Забалочаная рэчка Грамашчанка р. Грамашчанка каля вёскі Поле, на якім пабачылі сяўца Возера СвятоеНа чэмпіянаце па фотабёрдынгу мы ўдзельнічаем упершыню. Афіцыйны старт у 8.00 і першыя фоты робім туманнай раніцай у вясковай атмасферы. Мы -- каманда "Восеньскі яблык". Настрой у нас ня тое каб на чэмпіянат і спаборніцтвы, але больш на пакатушку пагодным днём з мэтай назірання за прыродай. Адчуваецца, як назіранне за птушкамі спрыяе таму, каб "спыніцца", стаць больш уважлівымі. Блізу вёсак шмат птушак шукаюць сабе сняданак, таму дзень пачаўся ў нас адразу з азартам.
Забалочаная рэчка ГрамашчанкаТрошку азірнуўшыся ў лесе, зрабілі выснову, што ў гэты восеньскі ранішні час птушкі больш канцэнтруюцца бліжэй да жытла людзей -- дзе мы нядаўна і былі. У лесе цішыня. Сустракаліся рэдкія сінічкі, месцамі гаманілі сойкі.
Наведалі знаёмую ўжо нам балацінку каля дарогі. Прыгожы пейзаж, дзятлікі на сухіх дрэвах. Заснялі тут жоўтагаловага дзятла.
Яшчэ заўважылі сярод чароту гульню пары дробных птушак, адна з якіх трапілася ў кадр. Першай думкай была, што гэта была чаротаўка, і мы так і запісалі. Але журы нам падказалі, што тое быў крапіўнік.
р. Грамашчанка каля вёскіУ блізкасці да вёскі Грамошча, сярод адкрытай сонечнай прасторы на рэдкіх дрэвах можна было назіраць шмат птушак. Паводзілі яны сябе даволі актыўна. Тут пазнаёміліся з новым для нас відам сініц -- бурагаловых
Поле, на якім пабачылі сяўцаЗбочылі з дарогі, каб прайсціся метраў 300 да балотца, падумаўшы, што на полі абавязкова мусяць быць птушкі. Раней заўважалі тут драпежнікаў. Таксама на падтопленых лугах можна пабачыць кулікоў. Нядоўга ішоўшы, проста на полі, напаткалі новую для нас птушку. Па памеру як кулік, падумалі што ён. Перасоўвалася па зямлі, не спяшалася ўзлятаць. Атрымалася дастаць камеру ды сфоткаць. Дома вызначылі, што тое быў сявец (рус. тулес)
Аднойчы ўвесну тут на палях заўважылі драпежнага палявога луня. Гэтым разам, на вялікай адлегласці ад нас, спрабавалі разгледзець у монакуляр таксама светлую, досыць вялікага памеру птушку. Сфоталі і падпісалі яе ў нашым чэклісце для чэмпіянату як "Палявы лунь", але пасля разгляду журы, даведаліся, што гэтым разам разглядалі чайку-рагатуху.
Далей мы вырашылі накіравацца асфальтам да маста цераз Дрысу, каля вёскі Дзёрнавічы. Спужнулі ў канаве абапал дарогі ці то курапатак, ці то яшчэ каго. Не было як іх сфоткаць, карацей. А затым я пабачыў як два ястрабы гналіся за дзятлам. Але таксама пранесліся міма так хутка, што не паспеў нават ўзяць тэлефон у рукі. Далей па дарозе пабачылі сароку і канюка.
Перыядычна высока праляталі кліны гусей. Пра гусей, пасля чэмпіянату, для нас было адкрыццём, што больш распаўсюджаны від у нас -- белалобая гусь. Звыкла называць гусей проста "шэрымі", але шэрыя гусі ў нашай краіне -- гэта "вельмі рэдкі на гнездаванні і нешматлікі ў час транзітных міграцый від" (https://wilderness.by/bird/gus-sheraya)
Асвейская дарога была даволі насычаная машынамі, і мы проста ехалі далей, да рэчкі, дзе вельмі радыя былі бы пабачыць зімародка. Але гэтым разам не атрымалася
Возера СвятоеНа фатаграфаванне птушак быў адведзены час да 15.00. Запланавалі фінішыраваць на бліжэйшым да нас лясным возеры з назваю Святое. На пад'ездзе да возера атрымалася зрабіць прыгожы кадр з дзятлікам. На вадзе сфоталі вялікую паганку
На возеры ёсць альтанка, падыход да вады. Мы адпачылі за гарбаткай, і скіраваліся дадому, задаволеныя праведзеным днём. Дзякуй ТАА "Дзікая прырода" (https://wilderness.by) за арганізацыю чэмпіянату


















