Гісторыі з маршрутаў

Гісторыі з маршрутаў - Полацк - Тураўлянка - Емельянікі - Туржэц - Янова - Вяркуды - Гомель - Полацк, 25-27.05.2024

Аўтар Каманда Trackstories 28 мая 2024 г.

Гісторыя пра велавандроўку да аднаго з тых месцаў, якія быццам бы створаныя прыродай для сустрэчы світанкаў. Неадназначнасць прыродных умоваў, прыгажосць у разнастайнасці, задаваленне ад дасягнення мэты, няхай нават і простай

Змест гісторыі

Выезд з Полацку Стаянка на рацэ Тураўлянка Крыніца Емяльянікі Дарога міма дзіцячых летнікаў на Туржэц Узгоркі паўночнага берага Янова Паўвыспа возера Янова Месца сядзібы Арліцкіх, в. Гомель
Выезд з Полацку

55.46452, 28.82077

Самая першая ідэя для гэтай вандроўкі на возера Янова Полацкага раёна ўзнікла чатыры гады назад. Тады я разглядаў мапу і спыніўся поглядам на вялікай паўвыспе дзіўнай формы на гэтым возеры. Тады я, мусіць, шукаў ідэю для чарговай паездкі, і з усіх невядомых мне мясцін у радыусе 40 км ідэя наконт возера Янова мне падабалася. Я падумаў таксама пра тое, што з паўвыспы можа адкрывацца прыгожы выгляд на світанак над вадой, бо вада абмывае паўвыспу з усходняга боку. Вандроўка планавалася двухдзённай і якраз можна было б праверыць наконт світанкаў. Мы зладзілі групай з трох чалавек велапакатушку на паўвыспу. Гэта была файная майская вандроўка і я быў на 200% задаволены ёю, бо разам з добрай вандроўкай яшчэ і спраўдзілася чаканне наконт прыгожага світанку.

Цяпер, некалькі год пасля, у мяне ёсць меркаванне, што вандроўка ў маі на паўвыспу возера Янова можа стаць добрай традыцыяй. Гэтым годам парай велатурыстаў мы вырашылі заехаць на паўвыспу з мэтай сустрэць світанак ў межах трохі даўжэйшага маршруту. У нас было на гэтае мерапрыемства стандартныя два выходных дня, мы планавалі за першы дзень праехаць грунтавымі дарогамі спачатку да возера Вяркудскага ва Ўшацкім раёне, затым на начоўку на Янова, сустрэць там світанак і паехаць дамоў. Але ўсё апынулася трошку не так. (Спойлер: усё было добра і світанкам мы ўсё ж такі насалоджваліся. Будзе шмат сонечных колераў у гэтай гісторыі)

З Полацка мы выехалі праз вуліцу Бабушкіна. Збочыўшы з вуліцы, мы праехалі міма царквы, і перад намі паўстала ўзаранае поле. Краем поля ішла сціплая дарога, якая вяла нас да лесу. У адным месцы на ёй нам прыйшлося спешыцца. Далей ехалі ўжо добрай грунтавой дарогай праз палі, лясы і вёскі. Гэтая дарога нам спрыяла.

Стаянка на рацэ Тураўлянка

55.35035, 28.88677

Дарогу ад Полацка на Туроўлю па грунтоўцы можна назваць даволі прыемным праводжаннем часу. Прыемна проста ехаць побач з лесам, з рэдкімі машынамі па дарозе. Выбітных аб'ектаў на гэтым шляху няма, спыняцца для фота не было нагоды гэтым разам.

Спыніліся разглядзець у монакуляр казулю, якая пасвілася ў полі за вёскай Завозер'е.

Спыняліся каб папіць, бо было ўжо даволі горача. З-за гарачыні і сухасці на дарозе месцамі сустракаўся заўважны пясок, які прыходзілася пераадольваць. Прыемнай цвёрдай ценявой дарогі ўсё ж такі было даволі шмат, таму ехаць было добра. Не даязджаючы да Туроўлі, павярнулі ў бок вёскі Пуканаўка. Каля вёскі цікава было пабачыць раку Тураўлянку і абазначаныя на мапе крыніцы на ейных берагах.

Пра крыніцы запыталіся ў сустрэчных нам мясцовых людзей, якія апынуліся з дзяцінства знаёмымі з гэтымі мясцінамі. Нам сказалі, што даўно была крыніца, і мы рушылі праверыць ейны цяперашні стан.

Вяла нас туды досыць добрая лясная дарога. Ёю мы прыехалі блізка да месца, абазначанага крыніцай. У гэтым месцы сярод лесу знайшоўся досыць глыбокі і працяжны лог са стромкімі спускамі, па якіх раслі дрэвы. За дрэвы можна было трымацца і спусціцца ўніз. Унізе па пясчанаму дну спакойна бегла чыстая вада, але яе зусім мала для таго, каб тут нешта набіраць. Абсталяванай крыніцы мы не знайшлі.

На мапе, апроч крыніц, на беразе Тураўлянкі абазначаны шэраг стаянак, якія мы таксама вырашылі разведаць. Насамрэч, мы іх шукалі не толькі дзеля разведкі, але з мэтай зрабіць стаянку на абед.

Мы знайшлі прасторную пляцоўку з кастрышчам, лавамі і рыбацкім падыходам да вады. У прынцыпу падыход прыдатны і для купання. Мы не купаліся, бо месца ў той час было ўжо ў ценю дрэваў, і мы хутка ахаладзіліся і так. Размясціліся з крэсламі на краю берага, добра адпачылі, прыгатавалі і паелі смачнага паходнага баршчу.

Пасля абеду мы мелі намер ехаць далей грунтавой дарогай праз вёскі Рыбакі і Багародзіцкае да Янова возера. Мы выехалі з лесу назад на грунтавую дарогу, і далей на ёй нас чакаў адкрыты прастор з пяскамі. Дарога была вельмі багатая пяском, а мы былі такія сытыя і разняволеныя. Трошку пазмагаўшыся, мы зразумелі, што ехаць атрымліваецца кепска, і вырашылі памяняць наш план на далейшы маршрут.

Крыніца Емяльянікі

55.33757, 28.85693

Недалёка ад месца нашага абеду на беразе Тураўлянкі меўся паварот ад грунтоўкі ў бок вёскі Емяльянікі. Гэтай дарогай я некалі ўжо ездзіў, таму быў упэўнены, што туды можна спакойна працягнуць наш шлях.

Бадзёранька мы ехалі міма лясоў і палёў, як ужо леваруч апынулася возера Туроўля. З дарогі возера ледзьве бачнае за лесам, мае забалочаны бераг. Раптам сустрэла нас на беразе шыльда, якая апісвала крыніцу. Мы завіталі паглядзець і аднавіць нашыя водныя запасы.

Месца і крыніца добрыя, дагледжаныя. Толькі павагу выклікае праца людзей, якая накіроўваецца на абсталяванне і падтрыманне парадку такіх месцаў. Няхай надалей наведвальнікі берагуць гэтую крыніцу і любыя іншыя месцы, уладкаваныя людзьмі для сябе і іншых. Мы ўзялі вады і паехалі далей.

Дарога міма дзіцячых летнікаў на Туржэц

55.33271, 28.82117 — 55.29349, 28.81954

Адзінае фота з дадзенага адрэзку маршруту

Яшчэ на пад'ездзе да асфальту нам стаў чутны шум праязджаючых машын. Справа ў тым, што рэканструявалася частка трасы ад Полацка на Мінск, і перад намі была дарога, якая замяняла закрытую частку трасы. Аўтамабілі ўсіх памераў на высокай хуткасці лёталі з абодвух бакоў. Падчас рэканструкцыі тут паклалі добры асфальт, дарога вузкая і мае шматлікія павароты. Яшчэ да таго ж дрэвы абступалі дарогу, і сонечнаму святлу ўжо не было як трапляць праз іх, і над дарогай навісала сутонне. Карацей кажучы, сабраўся поўны камплект фактараў, які рабіў нашае знаходжанне тут небяспечным. Ліхтары і камізэлькі з флікерамі асабліва не мелі сэнсу. Неяк ехалі, перад і пасля паваротаў мы часта спыняліся, каб прапусціць машыны і пазбягаць стварэння аварыйных сітуацый.

На перакрыжаванні дарог блізу вёскі Туржэц мы развіталіся з ажыўленай трасай і ўжо са спакоем працягнулі нашую вандроўку. Мы былі блізка да возера Янова. Вечарэла, і план дабрацца да возера Вяркудскага мы адклалі на наступны дзень. Начоўка на паўвыспе, а перад гэтым мы вырашылі яшчэ пагуляць ўзгоркамі берага Янова.

Узгоркі паўночнага берага Янова

55.2863, 28.8041

Мы ехалі дарогаю між вёскамі Туржэц-2 і Свяціца, і леваруч назіралі асветленыя вячэрнім сонцам палявыя ўзгоркі.

Мясцовасць возера Янова ў першую чаргу калісьці зацікавіла мяне звесткамі пра "беларускі стоўнхэндж" і гару-курган. У кургане, паводле падання, пахаваны волат. Што за паданне і дзе яго перачытаць, я, за даўнасцю гадоў, ужо і не прыгадаю. Памятаю толькі такое: калі глядзець з месца каменнай абсерваторыі на паўвыспе ў дзень сонцастаяння на світанак, то сонца будзе падымацца акурат над гарой-курганам, нібы волат прачынаецца.

Я думаю, што месца ўсходу сонца ў канцы чэрвеня сапраўды знаходзіцца над адным з узгоркаў берага возера, па якому ляжыць наш шлях. Тут узгорысты рэльеф, які нас завабіў магчымасцю разглядзець возера. Мы вырашылі трошку завярнуць перад вёскай Свяціца і пабачыць выгляд на гэты велізарны вадаём з поля на нашым беразе. Нам адкрыўся прыгожы далягляд. Возера ўсё больш абхіналася вечарам, а мы былі апранутыя так, як было камфортна ў сонечны спякотны дзень, і натхняцца прыгожым выглядам з вышыні на возера нам, на жаль, заміналі шматлікія камарыныя атакі. Далей у нашай вандроўцы ваколіцамі возера Янова нам прыйдзецца прызвычаіцца да вялікай канцэнтрацыі камарынага суседства амаль паўсюль.

Паўвыспа возера Янова

55.2727, 28.8006

Мы прыехалі на паўвыспу пасля 21 гадзін. Сонца ўжо села. Вечар быў вельмі прыемны, цёплы і сухі. Сухая грунтавая дарога вяла нас уздоўж паўвыспы да ейнага дальняга краю.

Няхай паважаны чытач не падумае, што гэтая вандроўка апынулася нам якім-небудзь непрыемным вопытам, але зараз будуць апісвацца моманты непрыемныя. Так, у гэтай гісторыі ўжо прыгадваліся камары. Справа ў тым, што нельга так вось проста прыехаць у маі на прыроду, насалоджвацца пахамі кветак і бесклапотна хадзіць па першай траве. Тым больш увечары. Камароў сярод маладой траўкі і кветачак было процьма, і яшчэ больш было бліжэй да вады. Таму адзіным далейшым нашым клопатам, стала хуткая разбіўка лагеру і пошук дроваў. З дровамі тут бедна. Рэдкія хмызнякі і тонкія лісцевыя дрэвы ў вады -- гэта ўсё, што расло ў полі зроку вакол нас. Мы развялі малое вогнішча чыста для святла, нейкай утульнасці і адгону камароў. Ежу не гатавалі.

Доўга не затрымліваючыся на вуліцы, залезлі ў намёт перакусіць нечым на аснове хлеба і падумаць пра наступны дзень. Наступным днём мы маем дасягнуць адну з самых важных мэтаў гэтай вандроўкі. Заўтра мы запланавалі прачнуцца а 4-ай раніцы і пайсці на самы край паўвыспы і сустрэць світанак -- такі жаданы момант нашай вандроўкі. Заўтра прыйшло... Мы праспалі. Я завёў адзіны будзільнік на гадзінніку на руцэ і ў паўсонным стане адключыў яго, калі ён спрацаваў. Мы прачнуліся позняй раніцай ўжо ад спёкі.

Дзіўна, што ад такой дробязі як прапушчаны світанак, можна перажываць. Але сустрэча світанку мела важкі сэнс у гэтай вандроўцы. Найперш, мы выбралі месца для вандроўкі менавіта з пункту гледжання зручнасці назірання за світанкам. Тут ёсць усё для класных світанкаў: далягляд, туман, вада, сонечная дарожка. Па-другое, вечар быў даволі ясны, і мы паспелі натхніцца надзеяй на тое, што на раніцу будзе таксама ясна, хоць прагноз надвор'я нам абяцаў іншае. Па-трэцяе, для мяне, гэта быў паўторны вопыт такой вандроўкі. Мінулым разам вялікім адкрыццём было пабачыць выбітны світанак у гэтым месцы, у гэты майскі перыяд. Вельмі хацелася паўтарыць, падзяліцца такім вопытам. Было такое адчуванне, што наступны раз можа быць толькі праз год. Мы моцна не перажывалі, але было непрыемна.

Да, ужо хутка будуць фоты таго самага світанку. Мы ўсё ж такі яго сустрэлі і надвор'е дала нам яшчэ адзін шанец. Мы той раніцай падумалі, што мы маглі б зрабіць. Мы ўжылі творчы падыход да сітуацыі. Апынулася так, што ў панядзелак мы маглі дазволіць сабе пайсці на працу ў абед. Такім чынам, паўстала яшчэ адна магчымасць пераночыць і сустрэць світанак. І, вядома, мы хацелі сустрэць яго тут жа -- на паўвыспе. Дзень мы вырашылі правесці ў дарозе і наведаць-такі возера Вяркудскае, ды яшчэ паспытаць удачу з крамай у саміх Вяркудах.

Асобна апісваць пра Вяркуды ў запісе пра Янова не хочацца, тым больш фотак адтуль чамусьці мы не прывезлі. Было там шчасце нам заехаць ў краму і паабедаць на возеры. Напішам болей пра гэтае возера ў іншай гісторыі.

Дзень быў спякотны і ясны. Калі спёка стала меншай, мы паехалі назад на паўвыспу, дзе мы пакінулі наш намёт. Да намёту мы не спяшаліся. Неба над намі красавала маляўнічымі рэдкімі аблокамі. Аблокі падсвечваліся колерамі заходу сонца. Гэткая добрая абстаноўка была на паўвыспе. На адным з узвышшаў мы спыніліся пафотаць. Перад вандроўкай мы марылі пра світанак, але і захад быў годны таго, каб па яго прыехаць сюды. Каб не праспалі світанак і паехалі б дамоў, то не пабачылі бы такога відовішча!

Вось наступае раніца. Момант, да якога мы гэтым разам падрыхтаваліся лепей. Прачнуліся своечасова і пайшлі збіраць фоты доўгачаканага цудоўнага світанку.

А вось адно з фотак таго світанку, які сустрэлі амаль роўна чатыры гады назад у тым жа месцы

Да чаго ж прыгожая прырода!

Месца сядзібы Арліцкіх, в. Гомель

55.309552, 28.769038

Наш зваротны шлях пралягаў праз вёску Гомель. Тут хацелася б расказаць пра месца сядзібы Арліцкіх. Падчас мінулай вандроўкі ў 2020-м годзе мы яшчэ паспелі пабачыць гэтую сядзібу, а гэтым годам яе ўжо тут не было.

Як выглядала сядзіба Арліцкіх апошнімі гадамі можна паглядзець на фотах. Дрэвы засталіся.

крыніца radzima.org

Цяпер на гэтым месцы новая будоўля

Далей мы паехалі старай Ушацкай дарогай, якая ў працоўны дзень была досыць ажыўленая. Добра дабраліся дамоў і пайшлі на працу.

Кіламетраж вандроўкі атрымаўся каля 100км на два дні.


Наступная гісторыя: Полацк - Каз'янкі - Полацкая ГЭС, 02.03.2024
Папярэдняя гісторыя: Адамова - Мацюшы - Валавец - Баравуха
Глядзець усе гісторыі з маршрутаў