Гісторыі з маршрутаў - Полацк - Заскаркі - Варонічы - Блізніца - воз. Блізніца - воз. Краснае - Полацк, 28.04.24
"Калі вечарынка хоць трошкі не падобная на гэтую, то мяне ня клічце".
Накіраваліся натхніцца вясеннім світанкам і рандомна выбралі невялікае возера для пошуку прыгодаў. Каля Блізніцы возера Краснае бяз сцежак на мапе
Змест гісторыі
Світанак на поле блізу Чарнаручча Масток праз Ушачу ў весцы Заскаркі Дарога ад Кунцавічаў да Варонічаў Гарадзішча з прыгожымі відамі ў Варонічах Прысядзібны парк Лісоўскіх у Блізніцы Узвышша і прастор Разбітая і размытая дарога Прыемны сюрпрыз -- кладка праз балота Раздарожжа, месца меркаванага працягу маршрута Возера Краснае Пераход праз забалочаны лес Вяртанне на зваротны шлях Возера БлізніцаГэты дзень мы вырашылі паспрабаваць пачаць вельмі рана і правесці яго ў велапаходзе. Першым пунктам у плане была сустрэча світанку блізу Полацка. Нам падабаецца сустрэча світанкаў у паходах. Гэтак, пры дапамозе рэсурсу https://www.suncalc.org, была выбраная блізкая да Полацка, адкрытая з Усходу лакацыя, адкуль быў бы добра бачны світанак.
Нас двое велатурыстаў, і мы прыехалі недзе каля 6-ці раніцы на поле ля вёсак Чарнаручча 1-ае і 2-ое. З сабою ў нас меўся сняданак, які мы разагравалі на газоўцы, два крэслы, гарбата з тортам. На дварэ канец красавіка, світанак адбываўся за негустымі хмарамі, якія стваралі досыць магчымасцей для прыгожай гульні святла. Седзячы пасярод поля канюшыны, мы назіралі то за світанкам, то ў монакуляр за птушкамі ды казулямі
Масток праз Ушачу ў весцы ЗаскаркіЗрабілі прывал у вёсцы Заскаркі на пешаходным мосце праз Ушачу. У Заскарках ёсць крама, але ў той дзень там было малавата прадуктаў. Проста адпачылі на мосціку. Увесну пад мастом бурліць вада на невялічкім парозе, тут прыемна пастаяць-паназіраць за вадой і паслухаць ёйны шум
Дарога ад Кунцавічаў да Варонічаў55.3546, 28.6522 — 55.33522, 28.64788
Чамусьці мне спадабаліся віды з дарогі тут. Напэўна я з тых, хто любіць спалучэнні няроўнага ландшафту, яловых лясоў і дарогі. Адно што шмат паваротаў, таму ехаць трэба асцярожна
Гарадзішча з прыгожымі відамі ў ВаронічахВысокі ўзгорак у цэнтры пасёлка вабіць прыпыніцца і пайсці даследваць ягоную вяршыню. З гарадзішча адкрываецца далягляд на разлівы ракі Ўшача, пасёлак, царкву ў Варонічах, якая будуецца (як нам сказалі ў краме, ўжо 15 гадоў). Удалечыні бачны касцёл у Блізніцы. Адным словам бачна адтуль шмат.
Прысядзібны парк Лісоўскіх у БлізніцыМаленькі парк вакол сядзібы. Дагледжаны. Ёсць лаўкі, цень ад высокіх дрэваў. Тут зрабілі невялічкі прывал паесці марозіва.
Быў выходны дзень, таму будынак сядзібы быў зачынены. Тут размяшчаецца сельсавет, актавая заля, бібліятэка, музей. Дарэчы побач з мінулай сядзібай расце вяз, які на шыльдачцы абазначаны лячэбным.
Узвышша і прасторЛя Блізніцы на дарозе маецца адрэзак са значным ухілам, і сустрэчным нам мясцовым раварыстам пад'ём наўрад ці даваўся проста -- на нашым шляху гэта быў спуск. Гэты ўзгорак нам запомніўся тым, што з яго вяршыні погляду адкрываецца шырокі прастор, а дарога цягнецца ўдалечыню нібыта змейка. Пагодным днём тут вельмі прыгожа.
А аднойчы ў ветраны сонечны дзень, я стаў сведкам дзіўнай з'явы тут. Здаецца, ў верасні-кастрычніку, калі павуцінне лятае ў паветры, на правадах электрычнай лініі начаплялася настолькі шмат павуціння, што на сонечных промнях і на вятры яно падавалася тысячамі бясконцых электрычных разрадаў ці нешта такога кшталту
Пасля пасёлка Блізніца мы звярнулі з асфальту ў бок возера Блізніца. Мы былі поўныя азарту і натхнення, таму нават не парабілі фатаздымкаў, але затое бадзёранька рухаліся добрай грунтавой дарогай, якая пасля невялічкага пасёлка Блізніца 2 пачала пераўтварацца ў засохлую гліняную, раз'езджаную тэхнікай і з лужамі.
Разбітая і размытая дарога55.2992, 28.6074 — 55.293715, 28.598501
Хацелася б на шляху мець лепшую дарогу да возера, але была толькі такая
Кадраў з гэтага адрэзка няшмат, бо нам трэба было прабірацца праз лужыны і фатаграфаваць не было асабліва магчымасцяў. Было адно месца, якое вырашылі проста прайсці басанож. Добра так запэцкалі ровары і ногі
Так мы дабраліся да поля, якое, бачна, выкарыстоўвалася для выпасу каровак. Далей выразна не было бачна куды нам можна было б ехаць. На мапе дарогі таксама не было. Паводле мапы мы былі прыблізна ў кіламетры ад возера, таму былі думкі хаця б напрасткі праз лес прайсці да яго. Але трымалася моцная вера ў тое, што недзе мусіла быць у лесе дарога, і мы, ідучы абапал лесу, шукалі заезд.
Прыемны сюрпрыз -- кладка праз балотаУ выніку заезду ў лес мы знайшлі. Гэта была добрая лясная дарога. А ў месцы, дзе яна праходзіла праз балотца, мы напаткалі дабротную кладку з бярвення. Такі прыемны сюрпрыз даў нам упэўненасці ў тым, што да возера мы дойдзем.
Раздарожжа, месца меркаванага працягу маршрута55.2879, 28.59639 — 55.28475, 28.59542
Ужо на падыходзе да возера, нам напаткалася штосьці накшталт сцежкі, пра якую хацелася меркаваць, што яна можа быць нам карыснай на зваротным шляху.
Агулам ідэя была ў тым, каб якім-небудзь чынам выйсці да дарогі, якая ёсць на мапе на поўдзень ад нашай лакацыі і, магчыма, просценька выехаць да асфальту. Менш за ўсё хацелася вяртацца назад разбітай дарогай з лужамі, якой мы прыехалі сюды.
Забягаючы наперад, раскажу, што, калі вярталіся назад, мы паспрабавалі прайсці гэтай сцежкай, але яна досыць хутка згубілася каля балота, спрабаваць абыходзіць якое нам не было ўжо часу. Мы тады вырашылі вяртацца да Блізніцы ўжо вядомай дарогай, хоць пазней у гэтай гісторыі будзе бачна, што гэта адбылося не зусім так
Возера КраснаеГэтая вандроўка на возера Краснае з'яўляецца адным з прыкладаў тых падарожжаў, у якіх мэта -- гэта само падарожжа. Возера мае звычайны выгляд і берагі, тарфяны колер вады (магчыма, што пра гэта паведамляе назва). Асаблівых "ваў"-момантаў мы не напаткалі, і купацца ў такой вадзе жадання не было. Рыбалкай мы не займаемся, але гэтае возера, падобна, наведваецца рыбакамі. Выбар возера быў просты: не дужа забалочанае ў радыусе 30 км ад Полацка, на якім мы не былі. Прываблівала тое, што на мапе непасрэдна да возера не было дарог, і прысутнічаў момант "экспедыцыйнасці" нашай вандроўкі.
Мы былі радыя, што тут апынулася месца, дзе можна было размясціцца на абед, зіхацелі сонечныя промні ў вадзе, і сярод спакойнага веснавога надвор'я спявалі птушкі. На абед у нас была каша і рыба, зробленая тут жа на вуглях.
З таго берага, дзе мы былі, злева быў бачны значна вышэйшы бераг возера. Засталася цікавасць даследаваць яго. Магчыма там лепшы пад'езд і месца для стаянкі. Я думаю, што варта яшчэ раз паспрабаваць заехаць сюды, але з поўдня ад возера
Да нашага прыезду на зямлі ляжала смецце, якое нам захацелася прыбраць, каб самім правесці тут час у прыемнай прыроднай абстаноўцы. Сабранае тут і сваё смецце ўзялі ў пакет і вывезлі з сабой на багажніку.
Пераход праз забалочаны лес55.2945, 28.6021 — 55.294652, 28.603882
Напэўна ў жыцці бывае так, калі хочацца пазбегнуць нечага непрыемнага, то чалавеку даводзіцца трапляць у нешта яшчэ не больш прыемнае. Гэтак, у дадзенай вандроўцы мы размянялі вяртанне разбітай бруднай і мокрай дарогай на пераход з сумкамі і смеццем на багажніках ровараў, а з роварамі ў руках праз ламачча і канавы ў забалочаным кавалку лесу.
Здымкаў адтуль амаль няма. Насамрэч, было цікава прайсці новай дарогай, хоць гэта і ўзяло шмат часу і энергіі. Пасля лесу мы выйшлі на палявую дарогу, дзе ўжо можна было рухацца свабодна.
Вяртанне на зваротны шляхПолем вярталіся на грунтавую дарогу каля пасёлка Блізніца 2. Павольна ішлі, пакідаючы за сабой схіл і балотныя прыгоды. Сонца ўжо сядала, а нас чакалі яшчэ каля 30 км зваротнага шляху
Возера БлізніцаНа зваротным шляху каля возера Блізніца напаткалі прыгожы захад сонца. Гэты захад стаў нам вялікай палёгкай пасля няпростай дарогі