Гісторыі з маршрутаў - Адамова - Мацюшы - Валавец - Баравуха
Вясенняя нагода для велатурызму: пакатушка з Полацка на дзень знайсці возера Валавец (Полацкі раён) каб разгадаць паходжанне яго назвы
Змест гісторыі
Станцыя Адамова, пачатак Ачысцілі ручай ад смецця Балота перад Грамошчамі Карацейшая дарога на Валавец, з перашкодамі Стаянка Валавец Выезд з лясной дарогіЦягніком на Бігосава з Полацку даехалі з велікамі да станцыі Адамова. Тут быў коцік, які любіць гуляцца з палачкай. Дачнікі яшчэ неактыўна ездзяць на свае лецішчы, таму людзей у цягніку было мала.
Адсюль едзем гравейкаю і затым асфальтам да Мацюшоў. Апроч самой пакатушкі ёсць цікавасць знайсці возера, пра якое я ведаю са словаў знаёмага чалавека. Лясное маленькае возера Валавец. Нас двое велатурыстаў, план катануць на цэлы дзень, абед з сабой і гарбата.
Ачысцілі ручай ад смеццяАбапал дарогі пабачылі балота, з якога выбягае ручай. Спыніліся і дасталі з ручая шмат кавалкаў поліэтылену, колькі змаглі ўзялі адвезці на сметніцу
Балота перад ГрамошчаміНа мапе гэта рэчка Грамашчанка. Увесну (быў пачатак красавіка) шмат вады - прыгожы балоцісты разліў, усё ў зеленавай вадзе, з частаколам памерлых дрэваў на даволі вялікай працяглай плошчы.
Карацейшая дарога на Валавец, з перашкодаміПаколькі мы ехалі з боку Мацюшоў, то мы інтуітыўна абралі гэтую дарогу для пад'езду да возера. Калі глядзець па мапе, то патэнцыйных пад'ездаў ўсяго два.
Тут праходзіць лінія электраперадач і нафтапровад, адпаведна маецца дарога для іх абслугоўвання. З гэтай дарогі мы і вырашылі звярнуць да возера паводле найкарацейшага адрэзку на мапе. І гэта нават ня быў зварот проста ў лес, а гэта быў ні то пажарны роў, ні то колішняя дарога, але на мапе яе няма.
Ехаць было цалкам магчыма пакуль дарога не ўтаропілася ў балота. Там прыйшлося ладзіць пераправу, укладваць галіны і бярвенні, але гэта толькі дзесь на дзясятак метраў - далей бачны рэзкі пад'ём угару, што падбадзёрвала.
Далей ішлі сцежкай. Таксама без мапы -- на мясцовасці здавалася, што яна вядзе да возера, агінаючы вялізарную для нашых мясцін (як у вышыню, так і ў даўжыню) гару. Ехаць амаль немагчыма з-за завалаў дрэвамі.
Станавілася зразумела, што паміж намі і возерам пралягае вялізарны вал і было цікава кінуць першы погляд на возера, раскрыць таямнічасць. Мы пакінулі велікі на сцежцы і перайшлі праз гэты вал.
Стромкі схіл амаль адразу заканчваецца ў вады, бераг падтоплены вадой, але не балоцісты. Вада празрыстая.
Роўных свабодных пляцовак з гэтага боку не апынулася, але на процілеглым беразе пабачыўся невялікі пірс, таму нашай мэтай стала дайсці туды з надзеяй пабачыць стаянку. Мы папаўзлі назад праз вал да велікаў.
Завалаў на сцежцы станавілася болей і, чым далей ішлі гэтай сцежкай, тым выразнее было, што яна нас адводзіць ад возера, а вал так і працягваўся збоку. Прыспыніліся, падумалі, пабачылі квітнеючую воўчую ягаду.
З-за шчыльнасці завалаў вырашылі адысці трошку назад і выглядзець на валу больш-менш вольны ад дрэваў шлях наверх і штурмаваць яго ўжо з велікамі. Так і дакацілі нашых коней да стаянкі з пірсам. Адным словам, для велапакатушкі пад'езд з усходу да возера мае пэўныя перашкоды. Але затое дае зразумець, што назва возера пэўна звязана з валамі.
Стаянка ВалавецТут высокае месца, вялікая пляцоўка са столікам, трошку аддаленая ад возера. А ля возера бераг трошку падтоплены і ля вады маленькі пірс. На беразе мы паабедалі і завіслі ажно амаль да сутоння. Вельмі добра вясною, без камароў, пад спевы птушак насалоджвацца атмасферай ляснога возера.
Выезд з лясной дарогіНа гэтым месцы якраз і ёсць добры заезд да стаянкі. Ну як сказаць добры... Дарога таксама заваленая дрэвамі. Адно што ня трэба карастацца праз горы. Але абапал дарогі таксама шмат лясістых узгоркаў і, наогул, разнастайны ландшафт і лес
Такім чынам мы выехалі на асфальтавую трасу Клясціцы-Полацк блізу Азіна. Можна было б наведаць гістарычныя месцы, звязаныя з генералам Кульневым, але быў ужо вечар і мы набралі хуткасць, каб паспець у Баравусе сесці на зваротны цягнік у Полацк.