Гісторыі з маршрутаў - Полацк. Як велатурызм можа пачацца за Каз'янкамі
Гісторыя пра добры накірунак для пакатушак з Полацку. Апісанні некаторых месцаў і раздарожжаў, якія могуць быць карыснымі для пачатковых велатурыстаў
Змест гісторыі
Месца старой чыгункі за Каз'янкамі Сегмент асфальтавай дарогі Каз'янкі - Кулакова Рака Сомніца Лясная дарога пасля могілак Полацкая ГЭС Ад вескі Лучна на Ткачова і там паварот у лесМесца выезду з населенага пункта. Як правіла, тут з'яўляецца прыемнае адчуванне пачатку адпачынку. Асабліва пасля працоўнага дня. Даехаць сюды займае няшмат часу і сіл, але затое ўжо пачынаецца сапраўдная вандроўка. У гэтым месцы ёсць цікавостка -- тут праходзіла старая чыгунка і цяпер засталася грунтавая дарога ўздоўж колішняга шляху праходжання цягнікоў.
Зрабіўшы тут паварот з асфальту можна ехаць ажно да раёна Бельчыцы. Уласна мая самая першая пакатушка адбылася менавіта гэтай дарогай. Таму я раю гэты накірунак пачынаючым велатурыстам.
Заблукаць немагчыма - дарога простая, горад бачны. З гэтай дарогі маюцца павароты ў бок царквы, альбо вадаканала на вуліцы Бабушкіна, дзе пры жаданні можна вярнуцца ў горад.
Ранняй вясной дарога можа быць вельмі кепская, раз'езджаная сельскагаспадарчай тэхнікай - гліна ды вада, таму такія першыя пакатушкі могуць быць ужо з прыгодамі
Сегмент асфальтавай дарогі Каз'янкі - Кулакова55.46816, 28.84528 — 55.45341, 28.87999
Але ж у гэтай гісторыі хочацца пакуль што праследваць далей асфальтавай дарогай пасля Каз'янак. Вёскі Фальварак і Кулакова стаяць асобненька і, праязжаючы міма іх, ужо зусім забываешся пра гарадскі шум.
Тут вялікая адкрытая прастора, сельскагаспадарчыя палі. З аднаго боку, ясным надвор'ем гэта дазваляе воку парадавацца ў другой палове дня сонечнаму святлу і прыгажэзнымі захадамі. Бывае моцны вецер, які па дарозе назад у горад здорава супраціўляецца руху веласіпедыста. Бывае таксама і пах угнаенняў з палёў - тады ўжо лепей паскорыцца на гэтым адрэзку, каб пазбавіцца ад яго. Але паўтаруся -- тут дакладна варта паназіраць за сонцам пад вечар і лепей за ўсё вясною.
Рака СомніцаАдна з дакладных прыкмет прыходу вясны -- імклівы бег вады ручаёў, рэк. Пасля зімняй статычнасці назіранне за бегам ракі заварожвае і на некаторы час пагружае розум у пэўную медытацыю. Рака ў гэты час выклікае нейкае моцнае пачуццё павагі.
Адкуль хто можа даведацца пра рэчку Сомніцу, пакуль не апынецца самастойна ля ейнага берага вясной? Няма аднайменнага ёй паселішча, на мапе яна нібы ручаёк, які летам перасыхае. Вясной жа гэта сапраўдная рэчка, якая тут, ля дарогі, робіць круты паварот і шуміць на перакатах.
Лясная дарога пасля могілакДастаткова густы лес, які паўстае на перакрыжаванні блізу Шалкова і Казімірава, можа ўразіць вока восенню ці вясною, даць прахалоду летам, запрасіць пашукаць грыбоў, альбо проста пераключыцца ад гарадскога рытму. Я процьму разоў катаў да гэтага лесу, і мне часта проста хочацца тут спешыцца і прайсціся. Дарога мае адгалінаванні, але, калі рэзка не адварочваць з асноўнай наезджанай дарогі, то яна прывядзе да вёскі Абалонне і да гравейкі. Гравейка ў адзін бок прывядзе да вёскі Лучна і ГЭС, альбо ў другі бок можа завесці хоць да Туроўлі ці Суі.
Полацкая ГЭСЛакацыя вартая таго, каб хоць раз прыехаць яе пабачыць. Найбольш цікава тут калі шмат вады -- ранняй вясною. Калі уверсе па цячэнню, перад плацінай нагрувашчваецца лёд, стоячы тут, разумееш, чаму Дзвіна ў горадзе амаль не замярзае.
І ў летні час прыгожа і велічна выглядае напоўненая рака перад плацінай
Ад вескі Лучна на Ткачова і там паварот у лесДалей магчыма працягнуць маршрут міма самабытных вёсак Лучна, Шастова, Ткачова, насалоджваючыся цішынёй і паважаючы вясковую атмасферу і ўклад жыцця мясцовых людзей -- як і ў любых іншых вёсках, праз якія могуць праходзіць маршруты велатурыста. За вёскамі ёсць дарога праз вялікі лес, якая на мапе выглядае як лесенка і выводзіць на дарогу блізу вёскі Туроўля. У 21-ым годзе дарога была добра праязджаемая.
Гэтую дарогу я рэкамендаваў бы ўжо практыкуючым велатурыстам. З асноўнай дарогі маюцца павароты ў лес, якіх няма на мапе. У такім лесе, нават і з дарогай, ужо варта мець працоўны і правераны навігатар, і на гэтых дарогах не выключаныя сустрэчы з дзікімі жывёламі. Акрамя таго, каб ехаць тут на веласіпедзе ад Полацка, то трэба ўжо мець навык праехаць больш за 60 км за ўвесь маршрут.
Як бачна з гэтай невялікай гісторыі, карыстаючыся накірункам з Полацка за Каз'янкамі, можна прыдумаць розныя маршруты - іх варыянты залежаць ад мажлівасцей путніка. Верным правадніком заўсёды няхай будзе яму мапа. Адметна, што тут можна доўга вандраваць без аўтамабільных трас. А тут гісторыя заканчваецца. Спадзяюся, што для новых турыстаў яна выклікала цікаваць і будзе крыніцай новых ідэй маршрутаў і сваіх гісторый для турыстаў.